Сталі вядомы імёны пераможцаў “Зялёных святак”у Чавускім раёне


Дата: 04.06.2023

Юбілейнае Х-е Міжрэгіянальнае свята-конкурс “Зялёныя святкі” сабрала аматараў беларускіх традыцый і спеваў на Байкаўскіх крыніцах 4 чэрвеня на Троіцу.

Гэтае атмасфернае месца прыцягвае кожны год шмат творчых калектываў, якія працягваюць песенныя традыцыі сваёй мясцовасці, выхоўваюць моладзь на беларускай народнай спадчыне.

У гэтым годзе ўдзельнікаў конкурса было аж 17. Кожны калектыў прадстаўляў мясцовыя троіцкія абрады. Гэта і кумленне, і завіванне бярозы, і карагоды, і традыцыйныя стравы.

 Старшыня Чавускага райвыканкама Дзмітрый Акуліч вітаў гасцей на чавускай зямлі і адзначыў, што свята дапамагае захаваць і папулярызаваць каштоўныя песенные традыцыі.

Гледачы і удзельнікі з задавальненнем назіралі за выступленнямі кожнага калектыва, набывалі сувеніры, зробленыя майстрамі-рамеснікамі з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны.

А яшчэ на свяце можна было пачаставацца беларускімі стравамі, прыгатаванымі па традыцыйных рэцэптах.

Многія прыехалі на “Зялёныя святкі” не толькі на конкурс, але і каб набраць вады з крыніц, якая мае гаючую сілу, так кажуць.

Асвячэнне крыніц адбылося пад час свята. Настаяцель Свята-Мікалаеўскай благавіцкай царквы, іерэй Міхаіл пасля набажэнства павіншаваў усіх са святам Троіцы, пажадаў умацавання ў веры.

Прысутных акрапіў вадой з крыніц свяшчэннік, але некаторыя вырашылі яшчэ акунуцца ў купелі, прайсціся па ручаі.

Сярод удзельнікаў свята мы заўважылі прадстаўнікоў беларускага казацтва.

Яны прыяжджаюць з Магілёва на Байкава на Троіцу штогод, а яшчэ наведваюць магілу героя Вялікай Айчыннай вайны, які загінуў на чавускай зямлі – Георгія Арэхоўскага.

Пасля выступленняў калектываў журы падвяло вынік і пачалася цэрэмонія ўзнагароджвання.

Першае месца за лепшыя спевы і карагод атрымаў калектыў “Адраджэнне” з Хоцімскага раёна, лепшымі прызнаны і спевы Ніны Фядосаўны Яцутка з Краснапольшчыны.

Другое месца за спевы прысуджана калектыву “Спадарыня” з Чавус, а трэцяе – фальклорнаму гурту “Карагод” з Магілёўскага раёна і ансамблю “Вясковачкі” са Слаўгарадскага раёна.

За карагод другое месца ў ансамбля “Вяскоўцы” з Дужаўкі, а трэцяе падзялілі калектывы “Астранка” з Клімавіцкага раёна і “Раніца” з Каменкі.

Журы таксама вызначыла лепшых сярод прадстаўленных абрадаў “Кумлення”. Імі сталі: “Раніца”(1-е месца), “Родныя напевы” з Чэрыкаўшчыны(2-е) і “Спадчына” з Касцюкоўшчыны(3-е).

З пачастункаў, якія прывезлі з сабой на конкурс удзельнікі, журы аддало перавагу стравам Людмілы Кавалёвай з Вусця, на другім месцы пачастунак ад Святланы Шчарбянковай з Антонаўкі, трэцяе прысуджана смакаце ад “Вяскоўцаў”.

Дыплом за захаванне традыцый мясцовасці ўручаны Валянціне Марчанка з Краснапольшчыны. Дыплом за пераемнасць традыцый атрымала сямейна-родасная група “Радня” з Касцюкоўшчыны.

Канцэрт творчых калектываў Чавускага раёна падтрымаў святочны настрой у ўдзельнікаў святочных мерапрыемстваў.

Юлія Мамчанка, мастацкі кіраўнік калектыва “Адраджэнне”, падзялілася ўражаннямі:

 – Выдатнае месца, вельмі адчуваецца, што яно сакральнае. Нам прыемна, што наша творчасць атрымала высокую адзнаку. Мы вялікую ўвагу надаем захаванню нашых мясцовых традыцый, працуем з моладдзю. Нашы строі аўтэнтычныя, мы збіралі іх у жыхароў розных вёсак, таму яны адрозніваюцца. Свята нам вельмі спадабалася, прыедзем яшчэ.