Дзень роднай мовы адзначылі ў Гарбавіцкай школе Чавускага раёна


Дата: 21.02.2023

Патрыятычнае выхаванне – адзін з найважнейшых накірункаў работы кожнай установы адукацыі. Гарбавіцкая сярэдняя школа ў гэтым не выключэнне, бо немагчыма ўявіць сабе культурнага і высокаадукаванага чалавека, які б не ведаў гісторыі, культуры, мовы свайго народа.

Зацікаўленасць гісторыяй роднага краю, мовай і літаратурай беларускага народа, любоў і павага да сваёй зямлі павінны выхоўвацца з маленства. З гэтай мэтай напярэдадні Дня роднай мовы навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Юныя экскурсаводы” разам з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Зяцьковай С.М. правялі незвычайнае мерапрыемства для вучняў пачатковых класаў. Яны прыйшлі да іх з “чароўным чамаданам”, у якім ляжалі ўжо старыя, але вельмі цікавыя рэчы, якімі карысталіся нашы продкі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст.

Дзеці з нецярпеннем чакалі, калі адчыняць чамадан, каб убачыць, што там. Яны не толькі пачулі цікавы аповед юных экскурсаводаў пра прызначэнне таго ці іншага прадмета хатняга ўжытку на роднай мове, але і дакрануліся да мінулага ўласнымі рукамі.

Задаволенымі засталіся ўсе, бо “Музей у чамадане” не пакінуў нікога абыякавым.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Святлана Зяцькова