Валерый Гаўрыш распавядае аб новым свяце: «Калі мы адзіны – мы не пераможны»


Дата: 13.09.2022

Прайшоў год, як у нашай краіне на календары з’явілася новае свята – Дзень народнага адзінства. Магчыма, не ўсе ведаюць, адкуль узялася гэта дата, таму я хачу зрабіць невялікі экскурс у гісторыю свята. 7 верасня 1939 года Чырвоная Армія здзейсніла акт гістарычнай справядлівасці, вярнуўшы істотную частку беларускіх зямель, спрадвеку заселеных беларусамі, але падзеленых супраць іх волі па ўмовах Рыжскага мірнага дагавору, у лона роднай краіны – Беларусі.

На працягу 18 гадоў палова тэрыторыі сучаснай Беларусі стала «Крэсамі Усходнімі» (усходнімі ўскраінамі), па-іншаму, калоніямі Польшчы. Польскія ўлады на чале з нацыяналістычным урадам Пілсудскага праводзілі ў адносінах беларускага народа сваю каланіяльную палітыку з гвалтоўным апалячваннем беларусаў, так званую паланізацыю. А для тых, хто супраціўляўся гэтаму, хто вёў барацьбу, быў угатаваны ў Бярозе Картузскай (зараз райцэнтр Бяроза Брэсцкай вобласці) канцэнтрацыйны лагер. Дарэчы, адзін з першых у Еўропе,створаны ў 1934 годзе, каб зламіць волю і дух беларусаў. Менавіта канцлагер у Бярозе па сваёй сістэме здзекаў і зняваг перасягаў нацысцкія лагеры.

Аб гэтым ёсць у адкрытым доступе кніга ўспамінаў былых вязняў лагера. Прывяду толькі два факты з яе. У чатырохколавую падводу, загружаную бочкамі з вадой, запрагалі двух зняволеных. На возе стаяў паліцэйскі і са словамі: «Я вас, быдла, навучу любіць Рэч Паспалітую» – пугай паганяў няшчасных людзей. Або прымушалі непакорных на каленках і з паднятымі рукамі рухацца па крывавай дарожцы.

Крывавай не толькі ад колеру ўсыпанай бітай чырвонай цэглы, але і ад крыві соцен прапоўзшых па ёй людзей. Прыведзеныя факты ясна дэманструюць адносіны палякаў да беларусаў не толькі да 1939 года, а і зараз, у 21 стагоддзі. Для іх дата 17 верасня – дзень «памяці і смутку». Думаеце, шаноўныя чытачы, гэта смутак па нас, беларусах. Як сказаў наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў ходзе штогадовага звароту да нацыі: «Ім патрэбна ўся Беларусь, а не толькі Усходнія Крэсы». Ад сябе дабаўлю: «Каб узрадзіць трэцюю Рэч Паспалітую». Але Бог з імі, палякамі.

Некаторыя нашы грамадзяне задаюць пытанне: «А чаму толькі год назад успомнілі пра дату 17 верасня?» Адказваю. Памяталі заўсёды. Многія навукоўцы-гісторыкі, краязнаўцы, неабыякавыя жыхары краіны, асабліва нашчадкі тых, хто прайшоў Бярозаўскі канцлагер, з дня аб’яўлення незалежнасці Беларусі пісалі прапановы ўладам увекавечыць факт уз’яднання беларускага народа ў адзіную дзяржаву. Але знаходзіліся афіцыйныя асобы яшчэ з савецкіх часоў, якія тармазілі рашэнне такіх прапаноў. Маўляў, каб не сварыцца з Польшчай. І што, хачу спытаць у такіх міратворцаў, атрымалася?
Для мяне ж гэта свята – даніна павагі таму пакаленню, якое здзейсніла акт гістарычнай справядлівасці, свята тых людзей, якія любяць сваю краіну, сваю Радзіму, якія ведаюць сваю гісторыю і ганарацца ёю, якія хочаць быць гаспадарамі на сваёй зямлі і самастойна вырашаць свой лёс. Як не гучыць пафасна, але будзем памятаць: калі мы адзіны – мы не пераможны!
Валерый ГАУРЫШ