Творчасць галавенчыцкіх “Незабудак” атрымала прызнанне на міжнародным узроўні


Дата: 13.01.2021

Дзякуючы нашым дарагім чытачам, журналісты «Іскры» атрымліваюць шмат цікавых навін і распавядаюць аб іх жыхарам Чавускага раёна. Так, нам стала вядома, што песні, якія выконвае калектыў «Незабудкі» з Галавенчыц, перамаглі ў Міжнародным фестывалі-конкурсе «Вселиственный венок», які адбываўся ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі імя М.А.Рымскага-Корсакава. Пра тое, як творчасць галавенчыцкіх «Незабудак» была прадстаўлена на міжнародным конкурсе, нам распавяла магістрантка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вольга Барышнікава.

Калектыў «Незабудкі» у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў красавіку 2015 года. Фота Настассі Даніловіч

У верасні 2019 года студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, якія атрымліваюць спецыяльнасць «Мастацтвазнаўства (Музыказнаўства)», па ўласнай ініцыятыве арганізавалі ансамбль, удзельнікі якога з задавальненнем вывучаюць і асвойваюць аўтэнтычныя этнапесенныя традыцыі розных рэгіёнаў Беларусі. Вольга стала мастацкім кіраўніком калектыву. Рэпертуар створанага ансамбля фарміруецца на аснове відэа- і аўдыёматэрыялаў з фондаў Кабінета традыцыйных культур Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Удзельнікі калектыву маюць вопыт палявой працы, што з’яўляецца важнай складаючай паспяховага апускання ў матэрыял, які вывучаецца – традыцыйнае выканальніц­тва. Нягледзячы на тое, што ансамбль сфарміраваны ўсяго год таму, удзельнікі аднагалосна вырашылі прыняць удзел у V Міжнародным фестывалі-аглядзе фальклорных калектываў «Вселиственный венок». Па яго выніках гурт студэнтаў БДАМ атрымаў дыплом Лаўрэата 3 ступені ў намінацыі «Мастерство реконструкции традиционного обрядово-праздничного комплекса». У сувязі з каранавіруснай інфекцыяй конкурс праходзіў у анлайн-фармаце з 1 па 8 снежня 2020 года.

Як адзначыла Вольга Барышнікава, па-першае, вопыт конкурснай і канцэртнай дзейнасці вельмі важны для прафесійнага росту гурта, а па-другое, падчас падрыхтоўкі была магчымасць засяродзіцца на адной лакальнай песеннай традыцыі, мэтанакіравана яе спасцігаць.
У складзе гурта Ульяна Сочнева, Ксенія Жаканава, Аляксандра Шоба, Дар’я Волкава, Марыя Рудэнка і Алёна Карабовіч. Дзяўчаты імкнуліся выбраць песні з рэпертуару калектыву, які б характарызаваўся адметнай вакальнай манерай. Яны звярнуліся за парадай да спецыялістаў у гэтай галіне – этнамузыколагаў, кандыдатаў мастацтвазнаўства – Таццяны Бярковіч і Васіліны Прыбыловай, якія параілі прадставіць на конкурсе песні ансамбля «Незабудкі» з вёскі Галавенчыцы Чавускага раёна Магілёўскай вобласці, зафіксаваныя ў чэрвені 2014 года ўдзельнікамі экспедыцыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Хочам нагадаць, што адна са студэнтак БДАМ Ксенія Жаканава родам з Чавус. Для дзяўчыны выкананне песень галавенчыцкіх бабуль стала сапраўднай падзеяй. Творчасць «Незабудак» з-за непаўторнасці манеры выканання, а таксама аб’ёму музычнага партфоліо прызнана ў Беларусі нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Калектыву 64 гады, ён быў створаны ў красавіку 1957 года з жыхарак вёскі Галавенчыцы. Зараз аб’ядноўвае трох удзельніц першага складу. Іх песні аб жыцці, аб жаночай долі, у рэпертуары таксама шмат абрадавых і бытавых песень, ёсць і складзеныя старажыламі гэтай мясцовасці, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне.
Хацелася б адзначыць, што фестываль-агляд праходзіць у рамках сацыяльна значнага праекта «Пераемнікі народных традыцый: прыцягненне моладзі і студэнцтва да захавання культурнай спадчыны народаў Расіі» па гранту Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі на развіццё грамадзянскай супольнасці.

Гурт студэнтаў падрыхтаваўся да ўдзелу ў фестывалі-­аглядзе грунтоўна. Згодна з умовамі, яны падрыхтавалі відэаролік працягласцю да 15 хвілін, дзе выканалі вясновыя песні з рэпертуару «Незабудак». Гэта былі песні «Ляночак мой белюсенькі»; «Благаславі, Божа», «Ой, прайшло ўремя маё дарагоя» і карагод «Пасеялі дзеўкі лён» (назвы песень – з асаблівасцямі мясцовай гаворкі). Запісвалі ролік ў будынку Мінскай духоўнай акадэміі. Такую магчымасць студэнтам прадаставіла матушка Марыя Нецвятаева. Калі дзяўчаты спявалі, іх пачуў айцец Афанасій, які добра ведае гурт «Незабудкі» і іх рэпертуар. Ён быў вельмі расчулены нечаканай і прыемнай сустрэчай, якая нагадала яму пра мінулае…

Фотаздымкі з архіва рэдакцыі розных гадоў

***

У якасці падзякі за каштоўную песенную спадчыну дзяўчаты звярнуліся да ўдзельніц «Незабудак».

Вольга Барышнікава, мастацкі кіраўнік гурта, магістрантка БДАМ:
– У красавіку 2015 года, падчас канцэрта ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, мне пашчасціла пачуць гурт «Незабудкі». На сцэне выступалі Валянціна Іосіфаўна Копелева, Надзея Данілаўна Казлова, Людміла Сцяпанаўна Каханоўская і Валянціна Лявонаўна Філіпчэнка. Як і сама назва гурта, удзельніцы калектыву незабыўныя. Напэўна, таму ў Мінску і іншых гарадах Беларусі іх ведаюць, любяць і спяваюць песні з Галавенчыц. Няхай звонкія галасы «Незабудак» гучаць яшчэ доўга-доўга!


Ксенія Жаканава, студэнтка 5-га курса БДАМ:
– Традыцыйны спеў стаў для мяне зыходным пунктам у паглыбленне нацыянальнай культуры. Зразумела, што ўсе рэгіёны Беларусі маюць свае непаўторныя, унікальныя асаблівасці, але, як кажуць: «кожны млын на сваё кола ваду цягне», таму спяваць родныя, чавускія песні для мяне было асабліва адказна і ў той жа момант годна. Нізкі паклон гурту «Незабудкі» за іх творчасць. Жадаем вам натхнення і моцнага здароўя. Вельмі спадзяюся, што ў больш прыемны час мы атрымаем ад вас сакрэты традыцыйнага спеву.


Аляксандра Шоба, студэнтка 4-га курса БДАМ:
– Для мяне пачаць спяваць беларускія песні з розных рэгіёнаў здалося чымсьці новым. Я паглядзела на з’яву народных спеваў з іншага боку, зразумела, што такое – спяваць сваім сапраўдным голасам. Вопыт спявання песень гурта «Незабудкі» быў вельмі цікавым асабіста для мяне. Я родам з іншага рэгіёну, з Усходняга Палесся, і песенная традыцыя Чавушчыны адрозніваецца ад нашай. І ў гэтым я лічу была галоўная карысць – паспрабаваць дакрануцца да чагосьці новага, каб пашырыць кола гукавых ўражанняў і набрацца выканаўчага вопыту.


Дар’я Волкава, студэнтка 4-га курса БДАМ:
– Для мяне традыцыйныя спевы нясуць пачуццё свабоды. Падчас выканання адчуваеш, нібыта ў цябе вырастаюць крылы і ты ляціш кудысці далёка-далёка разам з тым гукам, які ідзе ад цябе. Нягледзячы на тое, што спяваем мы ў калектыве, у кожнага ёсць магчымасць праявіць сябе і свае магчымасці. На жаль, у нас не атрымалася сустрэцца з бабулямі з гурта «Незабудкі», але я спадзяюся, што калі-небудзь гэта сустрэча адбудзецца. А дзеля гэтага патрэбна, каб мы ўсе заставаліся здаровымі».


Марыя Рудэнка, студэнтка 4-га курса БДАМ:
– Хочацца выказаць вялікую падзяку калектыву «Незабудкі» за магчымасць спяваць іх песні, за іх неверагодны талент і любоў, якую яны дораць сваёй творчасцю. Хочацца толькі спадзявацца, што калі-небудзь у нас атрымаецца сустрэцца, каб падзякаваць ім і праспяваць ўсім разам.






Матэрыял падрыхтавала Людміла Саўчанка