[Малавядомая Магілёўшчына] На Пакравы з Чавус у Вейна


Дата: 20.10.2020

Так складваецца, што калі мы збіраемся на адпачынак ці паглядзець на прыгожыя мясціны і славутасці, то абавязкова едзем у іншыя краіны. Чаму так адбываецца, не ведаю, бо, калі запытацца у людзей, наколькі добра яны ведаюць свой край, упэўнены, адказ будзе няўпэўненым. Каб крыху болей людзі ведалі пра сваю малую радзіму, мы прапаноўваем ім разам з намі пакрочыць па Магілёўшчыне і наш прыпынак сёння – аграгарадок Вейна Магілёўскай вобласці. Тут знаходзіцца ўнікальная і вядомая ва ўсёй Беларусі царква Пакрова Багародзіцы. Храм пабудаваны ў XVIII стагоддзі. Цікава, што наведаліся мы сюды падчас прастольнага свята, 14 кастрычніка – Дзень Пакрова Прасвятой Багародзіцы, але ўрачыстае богаслужэнне з удзелам архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія было ўжо завершана, і людзей побач з храмам і ў ім было ня­шмат. Уражанне спакою і міру адразу ахінула нас.

Вось і брама царквы. Шлях сюды знай­сці было нескладана, бо купалы святыні відаць здалёк. Будынак адносіцца да стылю класіцызму, але з асаблівасцямі славянскага ўсходнебеларускага дойлідства. І першае, што кінулася нам ў вочы, царква мае закругленыя куты. Звонку яна здаецца вялізнай, але ўнутры ў памяшканні не так і шмат месца. Тут знаходзяцца ўшанаваныя вернікамі вобразы Найсвяцейшай Багародзіцы і Свяціцеля Мікалая Цудатворцы, а таксама адзін са спісаў цудадзейнай іконы Божай Маці Бялыніцкай. Нам пашчасціла паразмаўляць з настаяцелем протаіерэем Мікалаем Астапчуком. Ён выконвае свае пастырскія абавязкі ў Вейна з 2003 года і паведаміў, што гісторыя храма Пакрова Багародзіцы па адных крыніцах бярэ пачатак у 1760-м годзе, па іншых – у 1810-м. Дарэчы, апошняя дата пацверджана дакументальна. Так, у Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве Санкт-Пецярбурга маюцца дакументы, якія пацвярджаюць, что царква ўваходзіць у лік помнікаў рускага дойлідства канца 18-га-пачатку 19-га стагоддзяў, якія будаваліся па праектах знакамітых расійскіх дойлідаў. І, як гаворыць гісторыя, па гэтай царкве мы можам візуальна ўявіць сабе, як выглядаў Іосіфаўскі кафедральны сабор у Магілёве, разбураны ў 1938 годзе.

На тэрыторыі вакол храма прываблівае прыгажосць і добраўпарадкаванасць: кветкавыя клумбы, роўна подкошаная трава, лаўкі для гасцей.

– Гэта ўсё дзякуючы вернікам і людзям, якім не абыякавы лёс храма. Кожны чалавек імкнецца зрабіць нешта добрае, што вельмі цудоўна, – зазначыў протаіерэй Мікалай Астапчук. – Менавіта на ахвяраванні вернікаў адрамантавалі купал і фасад. Зрабілі ўнутры царквы касметычны рамонт, а пры фінансавай падтрымцы Магілёўскага райвыканкама замянілі вокны. У 2005 годзе звонку храма з’явіліся роспісы.

Перад царквой стаіць вялізны паклонны крыж, які паведамляе пра дату пабудавання. Дарэчы, устаноўлены ён быў з нагоды 200-годдзя асвятлення храма. З левага боку мы можам убачыць ратонду з купалам, пад якой знаходзіцца крынічка. Асвячэнне яе адбылося ў дзень Пакрова Прасвятой Багародзіцы біскупам Магілёўскім і Мсціслаўскім Сафроніем. Адкрыта яна была ў гонар 1020-годдзя Хрышчэння Русі. Менавіта тут адбываецца водаасвятны малебен.
Сапраўды, Найсвяцейшая Багародзіца абараняе царкву ад нястач і разбурэнняў, бо больш чым за два стагоддзі свайго існавання яе не кранулі ні войны, ні ваяўнічы атэізм.

– Царква гэтая ўнікальная тым, што з яе купалоў ніколі не скідалі крыжы. – рассказвае айцец Мікалай. – У 60-я гады зрабіць гэткае святатацтва вызваўся мясцовы жыхар, але не паспеў, назаўтра ён памёр. Пасля таго больш ніхто не спрабаваў.

За ўвесь час свайго існавання царква ніколі не пераставала дзейнічаць, нават і ў савецкі час, калі тут шмат магілёўцаў употай хрысцілі сваіх дзяцей. Сюды звозілі каштоўнасці і святыні закрытых храмаў.

У гэтае месца прыязджае вялікая колькасць турыстаў. Людзі едуць не толькі каб паглядзець на ўнікальныя абразы, старадаўні іканастас, але і каб знайсці спакой і суцяшэнне.
Шмат паданняў ходзіць пра царкву. Адно з іх нам распавёў айцец Мікалай. Так, адзін з эпізодаў зафіксаваны ў «цыдулках ігумена Арэста». Дзеянні адбываліся падчас вайны 1812 года, калі на тэрыторыі храма размясціўся французскі полк. Захопнікі хацелі апаганіць святое месца: адзін з афіцэраў зрабіў стрэл у ікону Маці Божай і сказаў са здзекам святару: ну і чаму ваша Маці Божая не абараняе Маскву? Неўзабаве ў палку пачалася эпідэмія, падчас якой загінулі ўсе салдаты.

Мінулае мінулым, а галоўнае на сённяшні дзень – якое месца царква займае ў жыцці людзей. І, як адзначыў айцец Мікалай, вельмі прыемна, што ў парафіяльным жыцці ўдзельнічае моладзь. Пры царкве дзейнічае ня­дзельная школа, якую наведваюць тры групы дзетак. Тут яны займаюцца з добрымі настаўнікамі і вывучаюць асновы праваслаўнай веры. Храм дзейнічае ўвесь час і яго дзверы заўсёды адчыненыя для вернікаў.
Дзяніс ЯЎСЕЕНКА